РЭ́БІНДЭРА ЭФЕ́КТ,
эфект адсарбцыйнага зніжэння трываласці цвёрдага цела з прычыны абарачальнага фіз.-хім. ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адкрыты П.А.Рэбіндэрам у 1928.
Праяўляецца ў шматразовым зніжэнні трываласці, павышэнні крохкасці, памяншэнні даўгавечнасці цвёрдага цела (напр., растрэскванне шкла, горных парод у прысутнасці вады, разбурэнне палімерных матэрыялаў пад уплывам арган. растваральнікаў), а таксама павышэнні пластычнасці цвёрдых матэрыялаў і аблягчэнні іх дыспергавання. Паверхневымі працэсамі, што выклікаюць Р.э., акрамя адсорбцыі, могуць быць змочванне (асабліва цвёрдых цел расплавамі, блізкімі, па малекулярнай прыродзе), эл. зараджанне паверхні, хім. рэакцыі. Выкарыстоўваюць Р.э. для аблягчэння апрацоўкі металаў ціскам і рэзаннем, тонкага драбнення горных парод і цэментнага клінкеру, пры свідраванні і праходцы тунэляў.
Літ.:
Горюнов Ю.В., Перцов Н.В., Сумм Б.Д. Эффект Ребиндера. М., 1966.
т. 13, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)